Раздзел 5. Вядзмарскія Вычваркі Візлі | Гары Потэр і Келіх агню
Набіраючы хуткасць, Гары кружыў хутчэй і хутчэй, міма яго праносіліся размытыя пробліскі камінаў, але хутка яго пачало нудзіць і хлопчык заплючшыў вочы. Нарэшце, калі ён адчуў, што яго рух пачаўся запавольвацца, Гары раскінуў рукі, каб прадухіліць падзенне тварам наперад з каміна на кухні Логавішча.
— Ён яе зжэр?- спытаўся Фрэд, працягнуўшы руку, каб дапамагчы хлопцу выпрастацца.
— Ага,- падымаючыся на ногі, адказаў Гары.- А ШТО гэта было?
— Паўзіязыкія пасцілкі.- усміхаючыся ўсімі зубамі, адказаў Фрэд.- Мы з Джорджам самі іх вынайшлі і ўсё лета шукалі на кім бы іх выпрабаваць…
Маленечкая кухня выбухнула ад смеха. Гары азірнуўся і ўбачыў сядзелых за сталом Рона і Джорджа, а разам з імі яшчэ двух незнаёмых яму рудавалосых хлопцаў. Гары ня ведаў іх, хаця адразу ж здагадаўся кім тыя павінны быць: Біл і Чарлі старэйшыя з братоў Візлі.
— Як маешся, Гары?- спытаўся бліжэйшы да яго незнаёмец і працягнуў яму вялізную руку. Паціснуўшы далонь хлопца, Гары адчуў, што тая была пакрыта шматлікімі мазалямі ды пухірамі і зразумеў, што перад ім быў Чарлі, які працаваў у Румыніі, вывучаючы там драконаў. Чарлі быў падобны да блізнятаў, але ніжэй ростам і прысадзісцей за цыбатых і хударлявых Персі і Рона. У яго быў шырокі, дабразычлівы твар, абветраны і настолькі рабаціністы, як быццам той моцна загарэў. Яго рукі былі даволі мускуліств=ымі, а на адной з іх блішчэў свежы апёк.
Следам, каб павітацца з Гары, падняўся на ногі Біл. І тое, што ён з сябе ўяўляў было для хлопчыка сапраўднай неспадзяванкай. Гары ведаў, што Біл працаваў у чарадзейскім банку Грынгатс і што быў старастай, калі вучыўся ў Хогвартсе, таму хлопчыку здавалася, што той павінен быць нечым накшталт Персі, які з прыдзірлівасцю адносіўся да кожнага парушэння школьных правілаў, але больш старэйшым на ўзрост. Замест гэтага Біл быў — іншае слова падабраць амаль немагчыма – КРУТЫМ. Ён быў высокі, з доўгімі, завязаным на патыліцы ў хвост валоссем, а ў адным з вушэй насіў завушніцу з падвескам ў выглядзе ікла. Пры гэтым апрануты ён быў так, што ані не выглядаў бы недарэчна на якім-небудзь рок-канцэрце, за тым выключэннем, што скура на яго ботах, як заўважыў Гары, была драконавай.
Перш чым хтось з хлопцаў паспеў сказаць яшчэ што-небудзь, адчуўся ціхі хлапокі на кухні, адразу з паветра за плячом Джорджа, аб’явіўся містэр Візлі. Гары ніколі яшчэ не бачыў яго такім раззлаваным.
— Гэта БЫЛО НЕ СМЕШНА, Фрэд!- крыкнуў чараўнік.- Навошта, дзяры цябе халера ты даў гэта таму маглаўскаму хлопцу?
— Нічога я яму не даваў,- са злоснай ўсмешкай адказаў Фрэд.- Само з кішэні ВЫПАЛА… гэта віна хлопца, што ён падабраў і з’ез пасцілку, я яго да гэтага не прымушаў.
— Ты спецыяльна іх выпусціў!- зароў містэр Візлі.- Ведаў, хлопец на дыеце і не ўстрымаецца ад спакусы…
— А ці доўгім у яго зрабіўся язык?- з нецярплівасцю спытаўся Джордж.
— Дасягнуў чатырох футаў, перш чым бацькі дазволілі мне яго паменьшыць!
Гары і сыны Візлі зноўку зарагаталі.
— Гэта НЕ СМЕШНА!- усклікнуў містэр Візлі.- Падобныя выхадкі сур’ёзна падрываюць працэс узаемаадносін паміж чараўнікамі і магламі. Я палову свайго жыцця паклаў на кампанію па недапушчэнню жорсткага абыходжання з магламі, а мае ўласныя сыны…
— Мы далі яму пасцілку не таму што ён магл!- з абурэннем прамовіў Фрэд.
— А таму што ён вялізная задзірыстая гідота,- дадаў Джордж.- Хіба не так, Гары?
— Цалкам так, містэр Візлі,- шчыра адказаў Гары.
— Гэта нічога не мяняе!- зароў містэр Візлі.- Вось пачакайце, я ўсё матке скажу…
— Пра што скажаш?- спытаўся жаночы голас за ягонай спіной.
На кухні аб’явілася місіс Візлі. Гэта была маленькая поўненькая жанчына з вельмі дабразычлівым тварам, аднак цяпер ягоныя вочы былі з падазронасцю звужаны.
— Ёй, прывітанне, Гары, мой ты любы,- заўважыўшы хлопца, з усмешкай прамовіла жанчына. Потым, зноўку звузіўшы вочы, павярнулася да мужа.- Дык ШТО ты хацеў мне расказаць, Артур?
Містэр Візлі завагаўся. Гары з упэўненасцю мог сказаць, што як бы той ня быў злы на блізнятаў, ён ані нічога не збіраўся распавядаць жонке аб тым, што здарылася ў дурсеўскай хаце. На кухні запанавала маўчанне, містэр Візлі занепакоенна глядзеў на жонку. Тут дзверы на кухню зноўку адчыніліся і з‑за спіны місіс Візлі аб’явіліся дзве дзяўчыны. Адна з іх, вельмі густым каштанавым валоссем і вялізнымі пярэднімі зубамі была сяброўка Гары і Рона – Герміёна Грэйнджэр. Другая ж, маленькая і рудавалосая, была сястрой Рона – Джыні. Дзяўчынкі ўсміхнуліся Гары, той усміхнуўся ў адказ, ад чаго Джыні, што з вялікай прызназнасцю ставілася да Гары, ажно з часоў яго першага перабывання ў Логавішчы, густа пачырванела.
— ШТО ты хацеў расказаць, Артур?- з ноткамі пагрозы ў голасе, паўтарыла місіс Візлі..
— Не, не, Молі, нічога,- прамармытаў містэр Візлі.- Фрэд з Джорджам, яны… але я іх ужо вылаяў…
— Што яны вытварылі на гэты раз?- спыталася жанчына.- Калі гэта неяк павязана з “Вядзьмарскімі вычваркамі Візлі”…
— Рон, не хочаш паказаць Гары, дзе вы будзеце спаць?- спыталася Герміёна з ганку.
— Ён і так ведае,- адказаў Рон.- У маім пакоі, ён начаваў там, калі прыяжджаў ранней…
— Можа тады ўсе пойдзем,- шматзначна спыталася дзяўчынка.
— А,- пагадзіўся Рон,- канечне.
— Ну, мы таксама пайшлі,- прамовіў Джордж…
— А ВЫ ЗАСТАНЕЦЕСЯ ТУТ!- прагыркала місіс Візлі.
Гары з Ронам у суправаджэнні дзяўчынак выйшлі ў калідор і па вузкіх хісткіх сходах, што агіналі ўвесь дом, пачалі падымацца ўгору.
— Што за “Вядзьмарскія вычваркі Візлі”?- спытаўся Гары.
У адказ Рон і Джыні засмяяліся, а Герміёна ані.
— Маці знайшла стос бланкаў заказаў, калі прыбіралася ў іхным пакоі.- ціха растлумачыў Рон.- І вялізны прайс ліст з іхнымі вынаходкамі. Ну, усялякімі жартоўнымі рэчамі. Фальшывымі палачкамі, слодычамі з выбрыкамі і іншымі падобнымі рэчамі. Гэта бліскуча, я ніколі ня ведаў, што яны займаюцца вынаходніцтвам…
— Мы канечне чулі ўвесь час выбухі з іхнага пакою,- дадала Джыні,- але не думалі, што яты там нешта ВЫНАХОДЗЯЦЬ. Лічылі, што ім папросту падабаецца нешта падрываць.
— Але, большасць з таго, што яны зрабілі, яно… ну, на самой справе… было троху небяспечным,- дадаў Рон.- А яны… ведаеш, яны планавалі прадаваць усё гэта ў Хогвартсе, каб крыху падзарабіць. Маці ажно ашалела з іх. Загадала, каб блізняты нават не думалі больш нічога падобнага рабіць і спаліла ўсі бланкі заказаў… Тым больш, што яна і так была на іх раззлавана, Фрэд з Джорджам атрымалі меньш П.Р.А.Ш.Ч.А.ў чым ёй хацелася.
Простымі рэзультатыўнымі адзнакамі школьнай чарадзейскай адукацыі, ці скарочана П.Р.А.Ш.Ч.А.мі – называліся іспыты, якія здавалі ўсе хогвартскія навучэнцы па чацвёртым годзе навучання.
— А потым, яна такую лупцоўку ім зладзіла,- паведаміла Джыні.- Маці ж, яна хоча, каб блізняты пайшлі, як бацька працаваць у міністэрства. А ў блізнятаў адзінае жаданне, адчыніць сваю краму жартаў.
У гэты самы момант, дзверы пакоя на трэцім паверсе адчыніліся і адтуль высунулася галава ў акулярах з рагавой аправай і вельмі разлдражнённым выразам на твары.
— Прывітанне, Персі,- сказаў Гары.
— А, здароўку, Гары,- адказаў Персі.- А я думаю, хто тут шуміць. А я тут, каб ты ведаў, працую… трэба скончыць адну справаздачу… але, вельмі цяжка засяродзіцца, калі нехта ўвесь час грукоча па сходах сюды туды.
— Мы не ГРУКАТАЛІ,- у раздражненні прамовіў Рон,- мы ішлі. І прабач, што адцягнулі цябе ад звышсакрэтнай міністэрскай працы.
— А над чым ты зараз працуеш?- спытаўся Гары.
— Справаздача дзеля камітэту міжнароднага магічнага супрацоўніцтва,- з задавальненнем адказаў Персі.- Мы спрабуем стандартаваць таўшчыну катлоў. Шмат хто з замежных вытворцаў імпартуе сюды катлы з занадта тонкімі сценкамі. Колькасць працечак ўжо павялічылася на тры адсоткі за год…
— Гэтая справаздача цалкам зменіць увесь свет,- пракаментаваў Рон.- Так і бачу першую паласу Штодзённага вяшчуна: “Гэтыя катлы працякаюць”
Персі злёгку пачырванеў.
— Смейся, Рон, смейся,- з палкасцю прамовіў ён,- але, калі не ўвесці міжнародныя стандарты, хутка наш рынак пазапаўняе танкадонныя вырабы, якія будуць сур’ёзна пагражаць…
— Так, так, ты маеш рацыю,- сказаў Рон і рушыў далей. Персі ляснуў дзвярыма. Гары, герміёна, Джыні і Рон паспелі прайсці яшчэ тры пралёты сходаў і тут да іх рэхам данесліся крыкі з кухні. Здавалася містэр Візлі ўсё-ткі расказаў жонке аб пасцілках.
Пакой ля самога паддашка, які належыў Рону і ў якім Гары начаваў, калі ў мінулы раз прыяжджаў у госці да сябра, быў амаль такі самы, як і ў мінулы раз. Сцены і столь былі завешаны тымі ж самымі постэрамі па якіх гойсалю сюды туды Чадлійскія гарматы, ўлюбёная квідытчная каманда Рона. Але ў акварыюме на падваконніку, які ў мінулы раз быў запоўнены жабінай ікрой, сядзела адна вялізная жабка. Не было тут і старога ронавага пацука Скаберса. Яго замяніла маленечкая шэрая сава, што днямі прыносіла ліст да Гары. Новы ронаў улюбёнец гойсаў сюды туды па сваёй невялічкай клетцы і вар’яцкі галасіла.
— Дзік, СЦІХНІ,- лавіруючы між ўціснутымі ў невялічкі пакойчык чатырма ложкамі, крыкнуў Рон.- Фрэд і Джордж будуць спаць разам з намі, бо іхні пакой занялі Біл і Чарлі.- растлумачыў ён Гары.- А Персі не жадае ані ні з кім дзяліць пакой, бо ён ПРАЦУЕ.
— Эмм… а чаму ты называеш саву Дзікам?- спытаўся Гары.
— Таму што дурань,- адказала Джыні.- Насамрэч саву клічуць Свістундзікам.
— Так, больш ідыёцкае імя выдумаць цяжка.- з сарказмам заявіў Рон, а потым павярнуўшыся да сябра растлумачыў.- Гэта Джыні яго так назвала. Вырашыла, што гэта люба. Я спрабаваў яго змяніць, але той на іншае імя адмовіўся адклікацца. Так што цяпер клічу яго Дзік. Я трымаю яго ў сваім пакоі, таму што ён раздражняе Эрала і Гермеса. Хаця мяне ён раздражняе таксама.
Свістундзік шчасліва гойсаў па сваёй клетачцы і пранізліва лямантаваў. Ведаючы Рона, Гары не ўспрыняў ягоныя словы ў сур’ёз. Колісь, Рон наракаў на свайго пацука Скаберса, але быў вельмі засмучаны, калі вырашыў што таго з’еў герміёнін кот – Крукшанс.
— А дзе зараз Крукшанс?- спытаўся Гары ў сяброўкі.
— Думаю ў садзе,- адказала Герміёна.- Ганяецца за гномамі, ён іх ніколі раней не бачыў.
— А што, Персі падабаецца праца?- сядаючы на адным з ложкаў і назіраючы за рухамі Чадлійскіх гарматаў, спытаўся Гары.
— Падабаецца?- змрочна прамовіў Рон.- Думаю ён нат дамоў бы не вяртаўся, калі б яго тата не забіраў. Ён апантаны. Ня можа думаць ані не аб чым, акрамя асобы свайго боса. “Па словах містэра Краўча…”, “Як я паведаміў містэру Краўчу…”, “Містэр Краўч лічыць…”, “Містэр Краўч мне паведаміў…” Не здзіўлюся, калі днямі абвесцяць пра іх заручыны.
— Ты сам, Гары, ці добра лета правёў?- спыталася Герміёна.- Атрымаў нашыя пасылкі?
— Так. Вялікі вам за іх дзякуй,- адказаў Гары.- Вы сваімі пірагамі выратавалі мне жыццё.
— А ці чуў ты што-небудзь аб..?- распачаў Рон, аднак перахапіўшы погляд Герміёны сціх. У любым выпадку, Гары здагадаўся, што гаворка ішла аб Сірыюсе. Рон з Герміёнаю, вельмі дапамаглі Сірыюсу ўцячы ад міністэрства магіі, таму не дзіва, што абое былі занепакоены ягоным лёсам, ня меньш за самога Гары. Аднак, размаўляць аб гарыным хросным перад Джыні было благой ідэяй. Тым больш што ані ніхто акрамя іх ды прафесара Дамблдора ня ведаў, як менавіта збег Сірыюс і ня верыў у ягоную нявіннасць.
— Здаецца, яны ўжо насварыліся,- прамовіла Герміёна, каб адцягнуць ўвагу ад гэтага далікатнага моманту, бо Джыні ўжо пачала з зацяікаўленасцю пазіраць на Рона і Гары.- Хадзем, дапаможам вашай маці ў гатаванні вячэры.
— Маеш рацыю,- пагадзіўся Рон. Усе чацьвёра пакінулі пакой і спусціліся на кухню, дзе ўбачылі толькі місіс Візлі. І яна была вельмі зла.
— Мы будзем есці ў садзе,- заявіла яна, завітаўшым на кухню дзецям,- адзінаццаць чалавек на кухне не памесцяцца. Дзяўчынкі, ці вы не маглі бы вынесці ў сад талеркі? Біл і Чарлі ўжо панеслі туды сталы. А вы двое,- звяртаючыся да Рона з Гары, дадала яна,- аднясціце туды ж нажы і відэльцы.
Сказаўшы гэта місіс Візлі, ледзь мацней чым гэта было трэба паказала палачкай у бок ракавіны і бульба, што там ляжала, так энэргічна прынялася выскокваць са скуркі, што разляцелася па ўсёй кухні, адбіваяся рыкашэтам ад столя і сценаў.
— ДЗЕЛЯ Бога,- гыркнула яна, накіроўваючы палачкай на савок, які пачаў энэргічна збіраць бульбу з падлогі.- Гэтыя двое!..- шалена выпаліла яна, загадваючы рондалям і патэльням вылецець з шафы. Гары здагадаўся, што місіс Візлі мела на ўвазе Фрэда і Джорджа.- Ня ведаю, што з імі будзе, сапраўды ня ведаю. Ані ніякіх амбіцыяў, ані нічога ня хочуць, хіба толькі паназарабіць сябе купу непрыемнасцяў…
Яна шпурнула на стол вялізны медны рондаль і прынялася мяшаць палачкай ў яго сярэдзіне. З кончыку палачкі ліўся крэмавага колеру соўс.
— І добра, калі б розуму ня мелі,- раздражнённа працявала жанчына, пераносячы рондаль на пліту і чарговым штуршком палачкі запаляючы пад ім вагонь,- але ж яны свой розум задарма марнуюць і калі яны хуценька ня возьмуць сябе ў рукі, быць бядзе. Я атрымала пра іх больш соваў з Хогвартсу, чым пра ўсіх іншых сваіх дзяцей разам. Калі яны надалей пойдуць гэтым шляхам, ён нарэшце давядзе іх да разбіральніцтва ў Камітэце па неналежнаму выкарыстанню чарадзейства.
Місіс Візлі накіравала палачку на шуфляду са сталовымі прыборамі. Тая адчынілася і Гары з Ронам вымушаны былі адскочыць убок, бо з шуфляды вылецела колькі нажоў і, праляцеўшы праз усю кухню, прыняліся наразаць бульбу, якую савок сабраў у ракавіну.
— Ня ведаю, дзе мы памыліліся з іхным выхаваннем,- працягвала сама сабе скардзіцца жанчына. Яна зноўку ўзяла палачку ў рукі і выцягнула чарговы рондаль.- Шмат год адно і тое ж. Адно шалапутства за другім. І яны ані нічога не жадаюць слухаць… НЕ, ІЗНОЎ!
Місіс Візлі падняла са стала палачку і тая з гучным піскам ператварылася на вялізную гумовую мыш.
— Зноўку іхная фальшывая палачка!- ускрыкнула яна.- Колькі разоў я загадвала гэтым двум не раскідваць іх па ўсёй хаце?
Жанчына схапіла сапраўдную палачку і павярнулася да рондаля дзе ўжо закіпеў соўс.
— Годзе,- паспешліва сказаў Рон сябру і выцягнуў з шуфляды колькі прыбораў.- Хадзем, дапаможам Білу і Чарлі.
Пакінуўшы місіс Візлі на кухні, сябры праз заднія дзверы накіраваліся надворак.
Не паспелі яны прайсці колькі крокаў, як дарогу ім перабег крываногі і руды герміёнін кот Крукшанс, які высока падняўшы над зямлёй свой бутэлькападобны хвост, ганяўся па садзе за нечым, што нагадвала пакрытую зямлёй бульбіну на ножках. Гары адразу ж пазнаў у істоце гнома. Маленечкі, усяго дзесяці цаляў у вышыню гном хуценька пабег праз двор сваімі мазолістымі ножкамі і нырнуў у адзін з высокіх гумовых ботаў, што валяліся ля дзвярэй. Хлопчык чуў шалёны гномаў смех, калі Крукшанс сунуўшы лапу ў бот, спабаваў да яго дабрацца. І тут хлопцы пачулі гучны грукат, што чуўся з іншага боку двара. Пакінуўшы сад за спіной, яны ўбачылі Біла і Чарлі, якія падняўшы палачкі ўгору прымушалі два старых стала лятаць над траўнікам і стукацца адно аб аднаго спрабуючы скінуць суперніка на зямлю. Фрэд і Джорд падбадзёрвалі старэйшых братоў пляскамі далоняў, Джыні смяялася, а Герміёна круцілася ля плота, ня ведаючы ці весяліцца ёй, ці непакоіцца.
Білаў стол з неперавершаным ляскам стукнуўся аб чарлін і адбіў у таго адну з ножак. І тут панад іхнымі галовамі адчуўся моцны грукат. Падняўшы дагары галовы ўсе ўбачылі, высцунутую з вакна на трэцім паверсе галаву Персі.
— Ці доўга вы будзеце прапцягваць свой гармідар?- гыркнуў той.
— Прабач, Персыч,- выскаліўшыся прамовіў Біл.- Як там маюцца катловыя донцы?
— Вельмі блага,- з раздражненнем адказаў Персі і зачыніў вакно. Пасміхаючыся, Біл і Чарлі спакойна накіравалі сталы да зямлі, прыціснуўшы іх адно да аднаго. Махам палачкі Біл аднавіў у аднаго з іх сапсаваную нагу і пазаслаў сталы выкліканым з ніадкуль абрусам.
А сёмай вечара два сталы ўжо ламіліся пад цяжкасцю шматлікіх страваў прыгатаваных місіс Візлі. І дзевяцёра Візлі, разам з Гары і Герміёнаю сядзелі вакол іх, сілкуючыся пад бесхмарным вечаровым небам. Гары, які ўсё лета жыў на чэрствых пірагах, падалося, што ён апынуўся ў раі. Першы час ён больш слухаў, чым размаўляў, бо рот яго быў заняты пірагом з кураціны і вяндліны, а таксама варанай бульбай і салатай.
На другім канцы стала Персі абмяркоўваў з бацькам сваю справаздачу аб катлах.
— Я абяцаў містэру Краўчу, што скончу ўсё да аўторка,- з напышлівасцю ў голасе прамовіў Персі.- Гэта крыху раней, чым ён разлічваў, але мне падабаецца быць у цэнтры падзей. І я лічу, ён будзе ўдзячны, калі я сваечасова ўсё скончу. Я аб чым, цяпер наш камітэт перагружаны справамі, усе сілы кінуты на падрыхтоўку да фінала кубка квідытча. А камітэт магічных гульняў і спорту не забяспечвае нас той падтрымкай ў якой мы так маем патрэбу. Гэты Людо Бэгмэн…
— А мне Людо падабаецца,- пяшчотна заявіў містэр Візлі.- І гэта менавіта прваз яго мы атрымалі такія добрыя квіткі. Я зрабіў Людо адну карысную паслугу. Ягоны брат Ота трапіў у бяду… маючы газонакасілку з не натуральнымі мажлівасцяміі… ну, а я замяў справу.
— Так, вядома, Бэгмэн выклікае моцную ПРЫХІЛЬНАСЦЬ да сябе,- пагрэбліва заявіў Персі,- але вось мне цікава, якім чынам ён зрабіўся галавой камітэта… гэта калі параўноўваць яго з містэрам Краўчам… Я не магу сабе ўявіць, каб у нашым камітэце нехта згубіўся і містэр Краўч не паспрабаваў бы высветліць, што з ім сталася. Ты памятаеш, Берта Джоркінс знікла бяз вестак ўжо месяц таму? Паехала на вакацыі ў Албанію і не вярнулася.
— Вядома, я пытаўся аб ёй у Людо,- хмура адказаў містэр Візлі.- Бэгмэн кажа, што Берта губляецца ўжо не першы раз… хаця, шляхетна кажучы, калі б згубіўся нехта ў маім камітэце, я б пачаў хвалявацца…
— Канечне, усім вядома, што Берта БЕЗНАДЗЕЙНА,- прамовіў Персі,- што яна ўжо шмат год перакідваецца з аднаго камітэту ў іншы і, што ніхто яшчэ не трапляў у гэткую колькасць непрыемнасцяў, як яна… аднак, Бэгмэн павінен быў хаця б паспрабаваць адшукаць яе. Містэр Краўч таксама мае да яе справы сваю асабістую зацікаўленнасць… колькі часу Джоркінс працавала і ў нашым камітэце. Ведаеце, я думаю містэр Краўч дагэтуль адчувае да Бэрты пэўную прыязнасць… але Бэрмэн ў адказ толькі смяецца і гаворыць, што яна пэўна не так прачытала мапу і замест Албаніі трапіла ў Аўстралію. Нажаль,- Персі перавёў дыханне і зрабіў глыток бузіннага віна,- мы ў камітэце міжнароднага магічнага супрацоўніцтва, маем купу сваіх праблемаў, каб яшчэ займацца пошукам супрацоўнікаў іншых аддзелаў. Тым больш адна важная і вялікая падзея будзе арганізавана адразу ж пасля фінала кубка свету.
— Тата,- Персі кхекнуў і позіркам паказаў на той бок стала, дзе сядзелі Гары, Рон і Герміёна.- ТЫ ж ведаеш, аб чым я кажу? Адна свыш-сакрэтная падзея.
— Ён,- закаціўшы вочы, прамармытаўў Рон Гары і Герміёне,- спрабуе прымусіць нас спытаць у яго аб гэтай падзеі ажно з таго часу, як пачаў працаваць у міністэрстве. Магчыма гаворка ідзе аб выставе таўстадонных катлоў.
У цэнтры стала, місіс Візлі спрачалася з Білам, наконт яго завушніцы, якая здаецца, была яго нядаўнім набыткам.
— … ды яшчэ гэты вялізны жахлівы ікол, не, Біл, сапраўды, што табе скажуць у банку?
— Мам, банкаўскаму кіраўніцтву начхаць, як я апранаюся,- абыякава прамовіў Біл,- пакуль я прыношу ім вялізныя грошы.
— І гэтая твая дурная фрэзура, мой ты хлопчык,- цярэбячы ў руках палачку, працягвала місіс Візлі.- А, каб ты дазволіў мне крышачку яе падстрыгчы…
— А мне падабаецца,- заявіла Джыні, сядзелая па другі бок ад Біла.- Ты, мам, зрабілася такой старамодняй. Да таго ж, Білу яшчэ вельмі далёка да прафесара Дамблдора…
Побач з місіс Візлі, Фрэд, Джордж і Чарлі ажыўлённа абмяркоўвалі вынікі чэмпіянату.
— Я збіраюся заўзець за Ірландыю,- неразборліва, з поўным бульбаю ротам, заявіў Чарлі.- У паўфінале яны папросту разграмілі перуанцаў.
— Аднак у балгараў ёсць Віктар Крум,- не пагаджаўся Фрэд.
— Крум, усяго толькі адзін прыстойны гулец,- імгненна парыраваў Чарлі,- а ірландцы маюць дзевяцёра такіх. Як бы мне хацелася, каб Англія таксама была ў фінале. Але, пасля таго што было…
— А што здарылася,- прагна спытаўся Гары, як ніколі ў жыцці шкадуючы аб тым што правёў лета на Прайвет Драйв у ізаляцыі ад чарадзейскага свету. Гары захапляўся квідытчам. Больш таго, ён з самага першага году навучання ў Хогвартсе, зрабіўся паляўнічым ў грыфіндорскай квідытчнай камандзе. А яшчэ яму належыла Вогненая страла – адна з найлепшых гоначных мёцел свету.
— Прадулі Трансільваніі з рахункам трыста дзевяноста на дзесяць,- змрочна адказаў Чарлі.- Жахлівая гульня была. А потым яшчэ Вэльс прайгаў Угандзе, а Шатландыя – Люксембургу.
Містэр Візлі, (як раз перад тым, як прыняслі дэсэрт – самаробнае трускаўковае марозева), каб асвятліць прыцемкі апусціўшыеся на сад, запаліў у паветры свечкі. Калі вячэра скончылася па-над сталом ужо нізенька трапяталі начныя матылькі, а цёплае паветра было запоўнена духмянымі водарамі бружмелі і травы. Гары адчуваў сябе нарэшце добра пад’еўшым. Знаходзячыся цяпер у гармоніі з усім светам, гары назіраў за тым, як гномы з шаленым рогатам гойсалі між ружовых кустоў ці праносіліся блізенечка да Крукшанса.
— Ну,- пакруціўшы галавой і ўпэўніўшыся, што астатнія чальцы сям’і заняты сваімі справамі, ціхенечка спытаўя Рон у Гары.- Ці ты чуў у апошні час ШТО-НЕБУДЗЬ аб Сірыюсе?
Азірнуўшыся, Герміёна таксама ўважліва прыслухалася да іхняй размовы.
— Так,- ціхеньечка адказаў Гары.- Я атрымаў ад яго два лісты. З ім ўсё добра. Апошні раз я пісаў яму пазаўчора. Магчыма я атрымаю ад яго адказ, калі буду знаходзіцца тут.
Раптам, хлопчык прыпомніў прычыну, па якой вырашыў напісаць хроснаму і быў ужо ў кроке ад таго, каб распавесці Рону і Герміёне аб тым, што ў яго зноў балеў шнар і аб сне, ад якога яго пабудзіў боль… аднак, цяпер, калі ён адчуваў сябе ў шчасці і супакое, яму вельмі не хацелася нечым турбаваць сяброў.
— Толькі паглядзіце, колькі зараз часу,- зірнуўшы на наручны гадзіннік раптам занепакоілася місіс Візлі.- Вы ўжо даўно павінны былі быць ў ложках, бо заўтра, каб трапіць на чэмпіянат, вам трэба прачынацца яшчэ да світанка. Гары, пакінь мне твой спіс неабходнага для школы, заўтра я буду на Дыягон алее і набуду для цябе ўсё неабходнае. Іншыя мне ўжо свае спісы аддалі. Магчыма пасля фіналу не застанецца часу на набыткі, апошні раз матч доўжыўся пяць дзён.
— А нішто сабе…- у захапленні прамовіў Гары.- Спадзяюся і ў гэты раз будзе нешта падобнае!
— Не, лепей ня трэба,- напышліва заявіў Персі.- з ЖАХАМ думаю, што будзе з маёй скрынкай для карэспандэнцыі, калі мяне не будзе на працы пяць дзён.
— Што, Персыч, думаеш нехта зноўку паспрабуе ўперці туды драконавага гною?- спытаўся Фрэд.
— Гэта ўсяго толькі быў узор угнаенняў з Нарвегіі,- з моцна пачырванелым тварам адказаў Персі.- І тут няма нічога АСАБЛІВАГА!
— На самой справе,- прашапатаў Гары Фрэд, калі ўсе ўжо разыходзіліся ад стала,- гэту паштоўку даслалі Персі мы самі.